Кансультацыя для бацькоў
“Развіваем маўленне дзяцей разам”
Правілы для бацькоў па навучанню дзяцей беларускай мове дома
Памятайце аб тым, што навучанне дзяцей беларускай мове павінна дастаўляць ім задавальненне. Калі дзіцяці не падабаецца тое, што вы робіце – спыніце гэта і паспрабуйце займацца па-іншаму.
Абавязкова стварайце матыў для кожнага маўленчага дзеяння дзіцяці: дзіця павінна разумець, чаму мама гаворыць на іншай мове і навошта яму самому трэба гаварыць на гэтай мове.
Зусім маленькія дзеці авалодваюць мовай на аснове імітацыі, а старэйшыя дзеці (пасля 3 гадоў) – свядома. Таму прыёмы, якія выкарыстоўваюцца для навучання дзяцей, залежаць ад іх ўзросту.
Вельмі важна вымаўляць словы правільна. Інакш дзіця засвоіць няправільнае вымаўленне і пасля ад гэтага будзе вельмі цяжка пазбавіцца. Калі вы не ўпэўнены, што вымаўляеце слова правільна, – удакладніце вымаўленне па слоўніку, у якім указана фанетычная транскрыпцыя.
Пажадана, каб малюнкі і цацкі, якія вам спатрэбяцца, прызначаліся выключна для навучання: складзіце іх у асобную скрынку – «чароўны куфэрак» - і даставайце адтуль толькі на час заняткаў. «Чароўны куфэрак», а таксама тое што ў куфэрку, павінна быць эстэтычнае і прыгожае, каб захапляла дзяцей.
Камунікатыўныя стратэгіі развіцця беларускага маўлення дзяцей ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму, якія могуць выкарыстоўвацца бацькамі
Білінгвізм – гэта свабоднае адначасовае валоданне дзвюма мовамі. Наяўнасць двухмоўя ў сям'і выступае як станоўчая акалічнасць для развіцця малога дзіцяці.
Маўленчыя зносіны на дзвюх мовах (у нашым выпадку – беларускай і рускай) ўплываюць на атрыманне большага аб'ёму культурнай інфармацыі, развіваюць ўменне дзіцяці даволі хутка пераключацца з адной мовы на другую. Дзве культуры ўтвараюць ва ўнутраным свеце дзіцяці-білінгва дзве нацыянальныя карціны свету
Дзеці-білінгвы здольныя вынесці вялікую разумовую нагрузку У іх развіваюцца памяць, інтэлектуальныя здольнасці, кемлівасць. Што да актыўнага слоўнікавага запасу, то ў двухмоўнага дзіцяці ён вызначаецца большым аб’ёмам. Для дзяцей-білінгваў характэрна імкненне да пашырэння колькасці кантактаў на дзвюх блізкароднасных мовах.
Пры наяўнасці дзяржаўнага білінгвізму, які мае месца ў нашай краіне, менавіта членам сям’і неабходна прыкласці ўсе намаганні ў авалодванні дзяцей дзвюма блізкароднаснымі мовамі. Чым раней вы пачнеце гэта рабіць, тым лепшы будзе канчатковы вынік.
Найбольш паспяховым для развіцця білінгвізму з'яўляецца варыянт, пры якім зносіны на абедзвюх мовах наладжваюцца з дзецьмі ад самога нараджэння, калі ад першых дзён свайго жыцця дзеці чуюць, як дарослыя размаўляюць на дзвюх мовах.
Пры гэтым вам неабходна памятаць, што чым пазней беларуская мова будзе ўводзіцца ў зносіны з дзіцем ў сям’і, тым больш відавочным стане дамінуючы ўплыў на маўленчае развіццё дзіцяці рускай мовы.
Разам з тым, супадзенне абедзвюх моў ў сям'і з дзвюма мовамі ў грамадстве, наданне ім аднолькавага статусу стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця ў дзяцей дашкольнага ўзросту беларускамоўных і рускамоўных зносін.
Асноўным метадам авалодвання дзецьмі дзвюма блізкароднаснымі мовамі з’яўляецца іх пагружэнне ў білінгвальную моўную прастору сям’і, пры гэтым абедзве блізкароднасныя мовы эмацыйна-прадметна ўключаны ў дзеянне і зносіны на іх.
Найбольш аптымальным варыянтам развіцця беларускага маўлення дзяцей ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму з’яўляецца той, дзе мовай зносін ў сям’і з’яўляецца «другая родная мова» (у нашым выпадку – беларуская), менш прадстаўленая ў асяроддзі.
Гэты варыянт выступае як найбольш спрыяльны таму, што менавіта бацькі, перш за ўсё рэалізуюць індывідуальны падыход да дзіцяці ў працэсе яго маўленчага развіцця, бацькі «аб’ядноўваюць» маўленчае развіццё дзіцяці ў адзінае цэлае, яны ўплываюць на ўспрыманне дзіцем беларускай мовы як роднай, а ў шырокім кантэксце – на ўспрыманне дзіцем беларускай культуры.
Калі вы ў працэсе бытавых штодзённых зносін не плануеце на якой мове будзеце наладжваць зносіны, змешваеце рускую і беларускую мовы ў працэсе зносін, не кантралюеце маўленне дзіцяці; не звяртаеце ўвагі на яго недахопы, то ў дзіцяці дашкольнага ўзросту назіраецца стыхійнае развіццё маўлення як на рускай, так і на беларускай мовах.
Для фарміравання ў дзяцей маўленчых навыкаў і ўменняў на беларускай мове вы можаце прытрымлівацца пэўных камунікатыўных стратэгій, якія рэалізуюцца ў адпаведнасці з наступнымі прынцыпамі:
- персанальны («адна асоба – адна мова»),
- лакальны ( «адна сітуацыя – адна мова»),
- прадметна- тэматычны,
- тэмпаральны,
- старонняга слухача.
Развіццё маўлення дзяцей у адпаведнасці з прынцыпам «адна асоба – адна мова» лепш ажыцяўляцьў змешаным шлюбе, калі адзін з бацькоў размаўляе з дзіцем заўжды і ўсюды на адной мове, а другі – на другой. Паміж сабой і з іншымі людзьмі бацькі могуць размаўляць на любой мове, што да размовы з дзіцём, то тут яны прытрымліваюцца прынцыпу «адна асоба – адна мова». Заўважым, што ў дзіцяці неабходна сфарміраваць звычку і асэнсаванне патрэбы выкарыстоўваць у зносінах дзве мовы.
Вам пажадана памятаць, што перавага выкарыстання гэтага прынцыпу ў тым, што дзве мовы выкарыстоўваюцца прыкладна пароўну, а значыць развіваюцца аднолькава. Недахоп жа выкарыстання ў тым, што дзве мовы могуць выкарыстоўвацца адначасова (калі за снеданнем размаўляюць і маці, і тата, і дзіця). У выніку, у дзіцяці можа ўзнікаць блытаніна дзвюх моў. Акрамя таго, з цягам часу, можа фарміравацца паняцце «маміных» і «татавых» слоў.
Развіццё маўлення дзяцей у сям’і можа адбывацца і ў адпаведнасці з лакальным прынцыпам «адна сітуацыя – адна мова». У гэтым выпадку адбываецца падзел наладжвання моў зносін з дзіцем у межах двух асноўных сітуацый: у сям’і (у хатніх абставінах) і ў акружаючай дзіця прасторы (па-за межамі хатніх абставін).
Прытрымліванне гэтага прынцыпу ў час наладжвання зносін спрыяе таму, што дзіця ў межах сям’і (зносіны ў хатняй абстаноўцы з бацькамі і іншымі членамі сям’і, зносіны са сваякамі ў вёсцы ) размаўляе на беларускай мове, а ў іншых сітуацыях зносін, па-за межамі хатніх абставін (на дзіцячай пляцоўцы і ў дзіцячым садзе ), размаўляе на рускай мове . Як і ў выкарыстанні прынцыпу «адна асоба – адна мова», тут таксама мае вялікую значнасць свядомаць і паслядоўнасць з боку бацькоў.
Адзначым, што прытрымлівацца ў беларускамоўных зносінах з дзецьмі лакальнага прынцыпу вы можаце ў тым выпадку, калі сфера дзеяння беларускай мовы зведзена да нейкага аднаго месца ў доме (пакой ці яго частка). У гэтым выпадку дзіця прывучваюць размаўляць у пэўным месцы толькі на беларускай мове, а з дапамогай адмысловага афармлення: прывабных цацак, кніг, карцінак вы можаце зрабіць такія зносіны яшчэ і цікавымі для дзіцяці. У гэты ж пакой, альбо невялікую яго частку, пажадана перанесці найбольш займальныя гульні, прагляд беларускамоўных відэафільмаў, кампутарныя беларускамоўныя гульні, каб дзіцяці хацелася бываць там часцей. У такіх зносінах могуць ўдзельнічаць усе члены сям'і, для чаго яны павінны быць двухмоўнымі.
Звяртаем вашу ўвагу, што пры навучанні дзяцей беларускай мове, можна сумяшчаць персанальны і лакальны прынцыпы, з перавагай апошняга.
Два прынцыпы «адна асоба – адна мова», і «адна сітуацыя – адна мова» камбінуюцца ў адзін «адна асоба ў адной сітуацыі зносін – адна мова».
Непасрэдна ў сям’і (у хатняй абстаноўцы) ўжываецца першы прынцып – «адна асоба – адна мова», за яе межамі, дзе ўся сям'я звычайна выкарыстоўвае мову грамадства, другі – «адна сітуацыя – адна мова». У такім выпадку чаргаванне прынцыпаў адбываецца сінхронна.
Заўважым, што найбольш прымальным для нашай краіны з’яўляецца прытрымліванне ў маўленчых зносінах з дзецьмі ў сям’і прынцыпу «адна асоба ў адной сітуацыі зносін – адна мова».
Звяртаем вашу ўвагу, што развіццё маўлення дзяцей таксама можна наладжваць у адпаведнасці з прадметна-тэматычным прынцыпам. У гэтым выпадку выбар мовы зносін з дзецьмі залежыць ад іх тэмы . Калі вядзецца размова пра краязнаўства Беларусі, яе мастацтва, этнаграфічную спадчыну, то тут менавіта лепей выкарыстоўваць у зносінах беларускую мову.
Можна таксама наладжваць развіццё маўлення дзяцей на беларускай мове ў адпаведнасці з тэмпаральным прынцыпам, які прадугледжвае чаргаванне зносін на беларускай і рускай мовах праз вызначаныя прамежкі часу.
Але, тут вы павінны улічваць, што тэмы вашых размоў з дзецьмі ўранку і ўвечары адрозніваюцца паміж сабой (недахоп ліквідуецца шляхам перыядычнай «змены графіка»), што для зусім маленькіх дзетак паняцце часовых інтэрвалаў размыта і нематывавана. Пры гэтым з мовай грамадства супадае толькі адна з моў, што памяншае ўдзельную вагу зносін на іншай, недамінантнай мове.
У білінгвальнай адукацыі гэты прынцып вядомы як прынцып чаргавання моў праз дзень, на працягу аднаго дня (раніца-вечар), праз тыдзень, праз месяц. Часцей ён рэалізуецца ў дзіцячым садзе праз усталяванне беларускамоўнага дня. Дарэчы гэты ж дзень вы можаце зрабіць беларускамоўным і ў сям’і.
Тэмпаральны прынцып можа камбінавацца вамі з лакальным прынцыпам: спецыяльна арганізаваная змена месца зносін адбываецца адначасова са зменай мовы зносін. Так днём, па-за межамі дома, усе члены сям'і размаўляюць на рускай мове, а дома, ўвечары – на беларускай мове.
Для развіцця беларускага маўлення дзяцей ў сям’і можна прытрымлівацца і прынцыпу «старонняга слухача». У адпаведнасці з гэтым прынцыпам размова паміж бацькамі адбываецца на беларускай мове, а паміж бацькамі і дзецьмі на рускай мове.
Апора ў развіцці маўлення на прынцып «старонняга слухача», калі бацькі адзін з адным гавораць на беларускай мове, а з дзіцем на рускай мове, якая пераважае ў грамадстве, можа прывесці да фарміравання пасіўнага білінгвізму. Дзіця не ўключаецца ў гутарку на беларускай мове, да яго не звяртаюцца на гэтай мове, але яно так часта чуе яе, што пачынае разумець гаворку бацькоў на беларускай мове. Часам дарослыя нават і не здагадваюцца, што дзіця не толькі разумее іх гаворку, але і можа гаварыць на беларускай мове. Аднак, часцей за ўсё, адсутнасць адрасаванасці маўлення на беларускай мове не прыводзіць да яго актыўнага і прадуктыўнага выкарыстання ў камунікацыі.
Пры рэалізацыі камунікатыўных стратэгій развіцця беларускага маўлення дзяцей прымліванне пэўных прынцыпаў можа насіць камбінаваны характар. Камбінаванне розных прынцыпаў ўжываецца пры фарміраванні білінгвізму ва ўмовах як адначасовага, так і паслядоўнага засваення моў. Прыклад такой камбінацыі выглядае наступным чынам: з дзіцем на беларускай мове размаўляе толькі адзін канкрэтны член сям’і (персанальны прынцып), толькі ў вызначаны час дня (тэмпаральны прынцып), толькі ў адным пэўным месцы (лакальны прынцып) і ўсяго на некалькі тэм (прадметна-тэматычны прынцып).
На працягу нейкага перыяду часу такая камбінацыя прынцыпаў можа даць нядрэнныя вынікі, але спалучэнне месца, часу і тэм зносін неабходна мяняць, каб камунікацыя насіла больш натуральны характар.
Заўважым, што развіццё беларускага маўлення дзяцей ў сям’і можа адбывацца пры наяўнасці такіх сітуацый, як: двухмоўныя мама і тата, сям’я мігрантаў, двухмоўны адзін з членаў сям’і.
Пры наяўнасці ў сям’і сітуацыі, калі ў дзіцяці «двухмоўныя тата і маці», лепш скарыстаць методыку, калі кожны з бацькоў двухмоўны, але мае зносіны з дзіцем толькі на адной мове. Развіццё маўлення адбываецца ў адпаведнасці з прынцыпам «адна асоба ў адной сітуацыі зносін – адна мова». Гэтая акалічнасць ўраўнаважвае гадзіны маўленчай практыкі паміж дзвюма бацькамі.
Можна таксама выкарыстоўваць прынцып «старонняга слухача». Размова паміж дарослымі адбываецца на беларускай мове, а з дзецьмі зносіны вядуцца на рускай мове.
Ужывальны ў гэтай сітуацыі і «прадметна-тэматычны прынцып» – змена мовы пры змене тэмы размовы.
Галоўнае, ў гэтым выпадку, прытрымлівацца толькі адной абранай стратэгіі. Калі выкарыстоўваць камунікатыўныя стратэгіі безкантрольна і не прытрымлівацца строгіх часовых абмежаванняў, дзіця заблытаецца і авалоданне беларускай мовай стане для яго непрымальным.
Пры наяўнасці сітуацыі – «сям’я мігрантаў» лепш выкарыстоўваць методыку «месца-мова», калі дарослыя дома размаўляюць на роднай мове (мова сваёй нацыянальнасці), а па-за хатняй абстаноўкай – на рускай мове, якая выступае як другая функцыянальная і беларускай мове, якая выступае як мова, якая індэнфікуе краіну, у якой жывуць мігранты. Улічваючы той факт, што руская мова з’яўляецца мовай акружэння, большую ўвагу неабходна надаваць вывучэнню рускай мовы. Што да беларускай мовы, то тут можна скарыстаць «тэматычны прынцып», калі ў залежнасці ад тэмы зносін маўленне наладжваецца на беларускай альбо рускай мовах.
Методыка «хатняя мова» падыходзіць не толькі для сем’яў мігрантаў, але і калі двухмоўны адзін з бацькоў. У апошнім выпадку дома дзіця размаўляе на роднай (беларускай мове) з адным з бацькоў, а ў дзіцячым садзе, на дзіцячай пляцоўцы выкарыстоўвае мову, якая ў большай ступені выкарыстоўваецца для наладжвання зносін (у нашым выпадку, рускую).
Пры гэтым захоўваюцца сямейныя традыцыі і не наносіцца страта сацыяльнай актыўнасці дзіцяці.
Усе гэтыя стратэгіі дзейсныя і правераны часам, але калі некантралюема змешваць методыкі і не прытрымлівацца пэўных прынцыпаў дзіця заблытаецца і авалоданне беларускай мовай стане для яго пакутай.
Калі ж вы не будзеце надаваць увагі маўленчаму развіццю дзіцяці, не будзеце планаваць, на якой мове вы будзеце наладжваць зносіны з дзіцем, змешваць дзве блізкароднасныя мовы, то дзіця будзе рабіць шмат памылак у абедзюх мовах.
Крынніца: “Парады бацькам па развіццю беларускага маўлення і навучанні грамаце дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму” Н.С. Старжынская, Д.М. Дубініна.